JM Renewable Energy - шаблон joomla Новости

Pramen2

 

У будынку кацельні ўстаноўлены два высокатэхналагічныя катлы, распрацаваныя па французскай тэхналогіі, а вырабленыя ў Гомелі на сумесным прадпрыемстве СТАА "Комконт". Сваё абсталяванне вытворцы пастаўляюць у Германію, Расію і іншыя краіны, актыўна працуюць ужо больш за дзесяць гадоў з суб'ектамі гаспадарання Беларусі. Па падліках, рэалізацыя гэтага маштабнага праекта пацягне больш як на 4 мільярды рублёў. Гэта будуць сродкі мясцовага бюджэту, інавацыйнага фонду і аб'яднання камунальных службаў.
У Стаўбцоўскім АКС такія высокатэхналагічныя катлы, якія працуюць на мясцовых відах паліва, - першыя. Яны з'яўляюцца навінкай не толькі для нашага раёна. Па словах спецыялістаў, і для прадпрыемстваў сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашай рэспублікі яны таксама выступаюць у ролі ноу-хау.


Перш чым зрабіць выбар і прыняць рашэнне на карысць будаўніцтва кацельні такога ўзроўню, дырэктар аб'яднання камунальных службаў Віктар Шкляр разам з галоўным інжынерам Дзмітрыем Мурыным скалясілі не адзін рэгіён Беларусі. Неабходнасць яе будаўніцтва прадыктавана дзяржаўнай праграмай па ліквідацыі працяглых цеплавых сетак. У Новым Свержані, фактычна прыгарадным пасёлку са шматпавярховым жылым фPramen1ондам і сацыяльнымі аб'ектамі, цеплазабеспячэнне наладжана з дзвюх крыніц - з ведамасных кацельняў мясцовых лесазавода і райаграсэрвіса. Адлегласць паміж імі і жыллём месцамі дасягае 2-х кіламетраў. Немалую ролю адыграла і тое, што абедзве гэтыя кацельні маральна даўно састарэлі, а цеплавыя сеткі, па якіх цяпло паступае спажыўцам, маюць больш чым 70-працэнтны знос.

Новая кацельня будуецца ў Новым Свержані побач з грамадскай лазняй, якая ў сувязі з гэтым, напэўна, будзе падключана да кацельні адна з першых.

- Выбраная пляцоўка - цэнтр нагрузак, - патлумачыў Дзмітрый Мурын. - Адсюль аднолькавая адлегласць як да жылога фонду, так і да сацыяльных устаноў пасёлка - дзіцячага сада, амбулаторыі, сельскага Савета.

На аб'екце ўжо ўзвышаецца будынак кацельні. Зверху апушчаны ў яго з дапамогай крана два катлы па 10-12 тон кожны, агульнай магутнасцю 2,8 мВт/гадз. На першы погляд - гэта канструкцыі-прамавугольнікі, якія зіхацяць новай фарбай і цягнуць да сябе схаванай унутры "начынкай". Ва ўсю ідуць мантажныя работы.

- У кастрычніку мінулага года аб'яднаннем камунальных службаў быў заключаны дагавор на праектаванне кацельні, а сёння мы ўжо маем будынак з катламі, - гаворыць Дзмітрый Мурын, якому сапраўды ёсць чым ганарыцца. - Тэмпы, якімі вядуцца работы, высокія, нягледзячы на тое, што сёлетняя зіма была багатая на маразы і падкінула нам тэхналагічны перапынак.

Генпадрадчыкам выступіла адна з лепшых будаўнічых арганізацый раёна - ПМК-233. Услед за будаўнікамі з'явілася на аб'екце мантажная брыгада камунальнікаў пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка Генадзя Булатага.

- Новая кацельня будзе абслугоўваць мясцовых жыхароў, - уступае ў гутарку Генадзь Юльянавіч. - Круглы год ім будзе падавацца гарачая вада, у сезон - ацяпленне. Сучасныя катлы будуць працаваць на дранцы. Прадугледжаны транспарцёры і прыёмнікі для гэтага віду паліва. Драўніну для драблення будзем нарыхтоўваць самі, закупляць.

Калектыў працуе дружна, заўзята, можна сказаць з веснавым настроем. Усе спецыялісты маюць не ніжэй пятага кваліфікацыйнага разраду. З вялікім вопытам Аляксей Зянько, Юрый Жаўняркевіч. Побач з імі ўвіхаецца моладзь. Аляксандр Мядзведзеў - лепшы электрагазазваршчык прадпрыемства.

- Для нас усё новае, з такім абсталяваннем яшчэ не працавалі, - падзяліўся Аляксандр, які ў камунгасе працуе сёмы год. Яго калега Вадзім Багрэй, слесар па рамонту і абслугоўванню цеплавых сетак, прыйшоў на прадпрыемства год таму, але работай задаволены, спаўна ўсведамляе адказнасць, якая ўскладзена на яго "мантажніцкія" плечы.

На аб'екце і работнікі СТАА "Комконт", якія ажыццяўляюць так званы шэф-мантаж, вядуць кантроль за працэсам наладкі. Прадстаўніка гэтага прадпрыемства Анатоля Дубаўца, тэхніка па наладцы і выпрабаваннях, мы сустрэлі акурат на аб'екце. У размове ён зазначыў:

- Рабочы працэс наладжаны на высокім узроўні, ідзе згодна з графікам. Спецыялісты, якія працуюць тут, вылучаюцца высокай кваліфікацыяй і зацікаўленасцю ў хутчэйшым мантажы новага абсталявання, каб паглядзець яго ў дзеянні.

Новую кацельню з энергазберагальным ноу-хау чакаюць з нецярпеннем не толькі камунальнікі, а і жыхары Новага Свержаня. Тэрмін завяршэння будаўніцтва намечаны на красавік бягучага года. Гэты праект - адзін з разраду шматлікіх, якія рэалізуюцца ў напрамку энергетычнай бяспекі нашай краіны.